ІМЕРСІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

аптычная сістэма, у якой прастора паміж прадметам і першай лінзай аб’ектыва запоўнена імерсійнай вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў мікраскопах.

У якасці імерсійных вадкасцей бяруцца мінер. масла (паказчык пераламлення 1,515), раствор гліцэрыны (1,44), вада (1,333) і інш. Выкарыстанне імерсіі павышае апертуру аб’ектыва і адпаведна раздзяляльную здольнасць мікраскопа, памяншае адбіццё на паверхні лінзы. Дазваляе вывучаць аб’екты, што знаходзяцца на рознай глыбіні ў імерсійнай вадкасці (напр., з дапамогай аб’ектыва, разлічанага на водную імерсію, можна назіраць мікраарганізмы ў вадзе).

В.​В.​Валяўка.

Імерсійная сістэма: 1 — аб’ектыў; 2 — імерсійная вадкасць; 3 — покрыўнае шкло; 4 — прэпарат; 5 — прадметнае шкло.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)